FavoriteLoadingДадаць у любімыя

„Слоўнік Свабоды“. Такі назоў рэдакцыя „ARCHE“ дала леташняму канцэптуальнаму праекту Беларускай службы Радыё Свабода „Слова дня“. Штодзень на працягу ўсяго 1999 году ў вызначаны час на хвалях „Свабоды“ грымелі „словы“, агучаныя жывым голасам іх аўтараў.

Цяпер „словы“ можна прачытаць і на паперы.

Галоўная мэта „Слоўніка Свабоды“ — даць мастацкае апісаньне і тлумачэньне вызначальных для сёньняшняй беларускай сапраўднасьці зьяваў і працэсаў. У праекце ўзялі ўдзел прызнаныя беларускія майстры слова — ад пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня (Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі) да наймаладзейшых (Юрась Бушлякоў, Вольга Караткевіч), а таксама журналісты, палітыкі, мастакі.

Для іх абсалютнай бальшыні характэрна палемічна-завостранае, надзвычай крытычнае стаўленьне да нядаўнай савецкай мінуўшчыны, радыкальны перагляд яе стэрэатыпаў і схематычных уяўленьняў — відаць, тут спрацаваў „эфэкт адлегласьці“, тое, што іхныя творы былі як бы прызначаныя для „вонкавага ўжытку“.

Ня ўсе зьвесткі і факты, выкладзеныя ў „Слоўніку“, прайшлі б навуковую вэрыфікацыю. Але з увагі на тое, што прызначэньне „Слоўніка“ — даць інтэлектуальную гісторыю Беларусі XX стагодзьдзя (адсюль такая частотнасьць ужываньня словазлучэньня „XX стагодзьдзе“ ў слоўнікавых артыкулах), напісаную яе беспасярэднымі стваральнікамі, рэдакцыя пакідала такія факты безь зьмяненьняў.

У Празе, дзе цяпер месьціцца беларуская служба „Радыё Свабода“, праектам апекаваўся Сяржук Сокалаў-Воюш, які і займаўся пераносам тэкстаў са стужак на паперу. Яму, а таксама ўсім іншым задзейнічаным у праекце супрацоўнікам Беларускай службы, належыцца наша вялікая ўдзячнасьць. Скарачэньні, моўная ўніфікацыя, стылёвыя праўкі паходзяць ад рэдакцыі і спэцыяльна не агаворваюцца.

Калі спасылка не працуе, калі ласка, выдзеліце «Пабраць» і націсніце Ctrl+Enter.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о