“Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” – магчыма, найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага. Яго найчасьцей з усяе творчае спадчыны пісьменьніка выдавалі незалежныя выдавецтвы сьвету. Афіцыйна быў забаронены ў Польшчы практычна да пачатку XXI стагодзьдзя. Ідэя напісаньня раману нарадзілася ў 1940, пасьля некалькіх сустрэчаў пісьменьніка з малодшымі савецкімі афіцэрамі – людзьмі са змэханізаванымі мазгамі, празамбаванымі сталінскай прапагандай, няздатнымі думаць самастойна, людзьмі бязьмежна прымітыўнымі, з выключна плябейскім стаўленьнем да жыцьця і людзей, аднак упэўненымі ва ўласнае выключнасьці й правамернасьці сваёй місіі “ашчасьлівіць” усе народы сьвету. Але напісаць раман Пясецкі здолеў толькі ў 1948 годзе, ужо ў Англіі. У “Запісках…” аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра, разважаць ягонымі катэгорыямі, ягонай прымітыўнай мовай. “Запіскі…” зьяўляюцца адным з найбольш пасьлядоўных, зьнішчальных, бескампрамісных, але ў той жа час таленавітых і па-сапраўднаму сьмешных (гумар, што праўда, – “чорны”) прыкладаў сатырычнага адлюстраваньня антычалавечае сутнасьці таталітарнае савецкае сыстэмы.

“Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” – гэта, па вялікім рахунку, зборнік показак пра чырвонаармейцаў, якія расказвалі па ўсёй Эўропе падчас другой сусьветнай вайны. Паколькі яны напісаныя ад імя такога чырвонаармейца, дык Сяргей Пясецкі прыклаў максымум намаганьняў, каб мова раману была як мага больш грубай і прымітыўнай. Паколькі менавіта з мэтай агрубленьня й прымітывізацыі беларускае мовы была праведзеная так званая “рэформа” 34-га году, я цьвёрда перакананы, што дадзены твор можа быць перакладзены на беларускую мову толькі ў варыянце “наркамаўскага” правапісу.

Калі спасылка не працуе ці яе няма, калі ласка, выдзеліце назву кнігі і націсніце Ctrl+Enter. Дзякуй!