«Згублены рай» Андрэй Курэйчык

FavoriteLoadingДадаць у любімыя

З’яўленне ў літаратуры новага яркага імя заўсёды падзея, з’яўленне ж яркай творчай асобы ў драматургіі — удвая. Драматургія (вызначэнне належыць не мне) — вышэйшы літаратурны жанр. Яна ўбірае ў сябе і паэзію, і прозу, і публіцыстыку, і псіхалогію, і філасофію, і рэлігію, мінулае, цяперашняе і будучае. Яна — жыццё. І хто прысвячае гэтаму жанру сваё жыццё творчае, па-юнацку максімалістычна замахваецца на ўсебаковае спасціжэнне нават не жыцця свайго Народа ці чалавецтва, а спрабуе спасцігнуць увесь Сусвет, Чалавека ў ім і самыя-самыя галоўныя пытанні, якія заўсёды стаяць і будуць стаяць перад Чалавекам.
Андрэю Курэйчыку — 21 год. Гэта вы адчуеце, прачытаўшы яго «Загублены рай». І адчуеце не па нейкіх хібах, якія заўсёды бываюць у пачаткоўца, а па ўзнёсласці, зноў жа юнацкім максімалізме і вострым адчуванні Тэатра. Асабіста ў мяне было меркаванне, што п’есу стварыў акцёр, а калі не акцёр, то фанатык тэатра.
Андрэй Курэйчык — студэнт 5-га курса юрыдычнага факультэта БДУ. Ён яшчэ раз даказаў, што адчуванне тэатра — рэч прыроджаная, якой нельга навучыцца хоць ты пяць літінстытутаў скончы і пераглядзі ўсе тэатральныя пастаноўкі ў свеце! Гэта дар. І гэта адказнасць.
Роўна дваццаць гадоў таму Андрэй Ягоравіч Макаёнак напісаў мне на сваім двухтомніку: «Шчыра веру ў твой добры талент і жадаю, каб менш цяжкасцей і перашкод было на тваім шляху». Думаю, што маю права пераадрасаваць словы Мэтра свайму маладому калегу і ад сябе дадам, што ўсе знешнія цяжкасці і перашкоды нішто ў параўнанні з унутранымі, сваімі ўласнымі. Аднак веру, што малады драматург пераадолее іх. І дапамажы яму ў гэтым тэатральны талент і Гасподзь Бог.

Калі спасылка не працуе, калі ласка, выдзеліце «Не працуе!!!» і націсніце Ctrl+Enter.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о